14-05-2018
Па самых памятных месцах для кожнага жыхара нашага раёна праехалі аўтамабілі, аўтобусы, упрыгожаныя флагамі. Асаблівы каларыт мерапрыемству надавалі байкі (матацыклы), што следавалі ў пачатку калоны, прыцягваючы ўвагу мясцовых жыхароў, якія імкнуліся сфатаграфаваць убачанае на свае мабільныя тэлефоны.
У прабегу прынялі ўдзел не толькі прадстаўнікі грамадскіх і маладзёжных арганізацый Капыльскага раёна. Яшчэ больш шматлюднай і прадстаўнічай была дэлегацыя суседняга Уздзенскага. Разам яны наведалі месцы пахаванняў, а таксама помнікі землякам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Аўтапрабег праходзіў у рамках месячніка абаронна-спартыўнай і патрыятычнай работы і ў гонар адкрыцця рэспубліканскай акцыі «Сэрцам дакраніся да подзвігу», прысвечанай 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якое мы будзем адзначаць у ліпені 2019 года. Арганізатарамі выступілі Капыльскі і Уздзенскі раённыя выканаўчыя камітэты, раённыя арганізацыйныя структуры ДТСААФ, раённыя арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў абодвух раёнаў.
Былі наведаны памятныя месцы ў Харытонаўцы, Сл.-Кучынцы, Старыцы, Дусаеўшчыне, Лясным, Клецішчы, Лавах, Пясочным, у г. Капылі. Падчас мітынгаў, дзе акрамя ўдзельнікаў прабегу прымалі ўдзел мясцовыя жыхары, гучалі ўспаміны аб падзеях, якія адбываліся ў гэтых мясцінах у гады Вялікай Айчыннай вайны, вёўся расказ пра нашых землякоў Герояў Савецкага Саюза. Выступалі прадстаўнікі ўлады, ветэраны, моладзь, члены грамадскіх арганізацый, былі ўручаны членскія білеты ДТСААФ. Глыбокае веданне гісторыі роднага краю прадэманстравалі ўдзельнікі клуба «Патрыёты Айчыны», які працуе пад кіраўніцтвам Барыса Дзенісюка ў Слабадакучынскай сярэдняй школе.
Прывал зрабілі ў Лавах, на абсталяваным Капыльскім вопытным лясгасам «Месцы адпачынку паляўнічых». Тут удзельнікаў аўта-мотапрабегу чакалі смачная салдацкая каша і духмяны чай. Прагучаў невялікі канцэрт. Старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Віктар Белавусаў уручыў медалі «100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь» і кнігу ўласных вершаў. Сярод удастоеных юбілейнай узнагароды і наша зямлячка — старшыня ветэранскай арганізацыі ААТ «Старыца-Агра» (участак «Слабада-Кучынка») Святлана Іванаўна Астрэйка.
Сваімі ўражаннямі дзеляцца некаторыя ўдзельнікі аўтамотапрабегу:
Ігар ПЯТРОВІЧ, старшыня Уздзенскага раённага Савета дэпутатаў:
— Ужо дзясяты раз такі аўтапрабег стартуе з Уздзенскай зямлі: раней мы пабывалі на тэрыторыі Дзяржынскага, Пухавіцкага раёнаў, былі і ў вашым. На жаль, рады ветэранаў радзеюць з кожным днём. І цяпер ужо мы павінны перадаваць нашым дзецям і ўнукам усё тое, што ведаем пра гэту страшную вайну. Вось з гэтай мэтай мы і праводзім такія аўтапрабегі па тэрыторыі нашай Бацькаўшчыны.
Іван ФОНАЎ, палкоўнік у адстаўцы, член ваенна-навуковага таварыства, жыхар г. Мар’іна Горка:
— Арганізацыя гэтага мерапрыемства проста выключная. Усё прадумана да дробязей. Гэта вельмі імпануе. Парадавала, што ўдзел у ім прынялі маладыя людзі, школьнікі. Гэта вялікая справа, якая паслужыць патрыятычнаму выхаванню.
Таццяна БУРАК, намеснік дырэктара цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна:
— Мой дзядуля быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, і многае з таго, што сёння гучала, я чула раней ад яго. Таму ўдвая было прыемна — як памяць пра майго дзядулю, якога ўжо з намі няма пяць гадоў. Сённяшняя моладзь успрымае падзеі тых далёкіх гадоў крыху па-іншаму, чым мы, прадстаўнікі больш старэйшага пакалення. Аднак, назіраючы за іх рэакцыяй на ўбачанае і пачутае, было відаць, што ўсё для іх было вельмі цікавым. Думаю, што гэтыя юнакі і дзяўчаты атрымалі вельмі пазітыўны ўрок.
Маргарыта САКОВІЧ