22-08-2022
Адна з найстарэйшых грамадскіх арганізацый краіны сёлета адзначала сваю гадавіну — Добраахвотнаму таварыству садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Беларусі споўнілася 95 гадоў! У сярэдзіне жніўня, якраз у перыяд прызыўной кампаніі, барысаўскі ДТСААФ наведалі журналісты «Звязды», дзе даведаліся аб падрыхтоўцы спецыялістаў для Узброеных Сіл. Тут хлопцы, якія трапляюць пад прызыў у армію, навучаюцца на вадзіцельскія катэгорыі і на спецыялістаў войскаў сувязі.
Выкладчык Андрэй Волкаў падчас заняткаў у радыётэлеграфістаў.
У Барысаве ДТСААФ рыхтуе шафёраў з 1965 года. Тады мясцовы аўтамотаклуб 3-га разраду стаў першай гарадской самастойнай навучальнай арганізацыяй. З таго часу праграма навучання будучых кіроўцаў машын толькі развівалася, а за апошнія дзесяць гадоў аўташколу барысаўскай ДТСААФ скончылі каля 20 тысяч чалавек.
Намеснік старшыні барысаўскага ДТСААФ Аляксандр Міронаў прызнаецца, што іх арганізацыю ўсе ведаюць у горадзе і без рэкламы.
— Практыкуем стварэнне ананімных апытанняў для навучэнцаў катэгорыі «В». Курсанты атрымліваюць анкеты з дакладнымі пытаннямі аб праблемах у навучанні: ці хапала часу для праходжання кожнай тэмы, як да вас ставіліся выкладчыкі і г. д. Самае цікавае ў іх адказах — расповеды аб выбары менавіта ДТСААФ у якасці месца вучобы. Там пішуць, што гэта раіць іх асяроддзе (блізкія, сябры, знаёмыя), а толькі 10 % прыйшлі да нас з інтэрнэту і водгукаў у сеціве. Некалькі разоў бачыў простыя і дакладныя пасылы: «Вы дзяржаўная арганізацыя, мы вам давяраем».
У адміністрацыйным будынку на завулку Зялёным, 13 арганізацыя стварыла для сваіх курсантаў 19 навучальных класаў, чатыры практычныя лабараторыі і два аўтадромы. Гэта ўсё дапамагае прызыўнікам, у далейшым — салдатам, якія праходзяць тэрміновую службу, і вайскоўцам па кантракце павысіць сваю кваліфікацыю.
— Цяпер навучанне праходзяць шэсць груп для ўсіх вадзіцельскіх катэгорый, — працягвае Аляксандр Мікалаевіч. — Разумеем, што за 3-4 месяцы яны не толькі набіраюцца вопыту і атрымліваюць кваліфікацыі, але з гэтымі катэгорыямі ад ДТСААФ можна на ўсё жыццё быць запатрабаваным спецыялістам. Самім прадпрыемствам на грамадзянцы выгадна прымаць такіх вадзіцеляў, яны могуць сесці за руль любога аўтамабіля.
Выкладчык вышэйшай катэгорыі Барыс Храпавіцкі не ўтойвае, што арганізацыі на руку добрыя водгукі ад выпускнікоў. Гэта і зразумела: працэнт здачы экзаменаў у ДАІ ў вучняў з першага разу складае больш за 90 працэнтаў.
— Зараз навучаем прызыўнікоў для Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў. Навучаюцца хлопцы за кошт бюджэтных сродкаў. Тэматыка шырокая, адводзіцца шмат часу на тэорыю і кіраванне на аўтадроме.
На падрыхтоўку спецыялістаў з Узброеных Сіл для дадатковага навучання прыбываюць як з воінскіх часцей Барысава і Смалявіч, так і тыя, каго адправілі атрымліваць кваліфікацыю з далёкіх куткоў Беларусі.
— Я Барыс Грук. Праходжу службу па кантракце. Сам з аграгарадка Вяляцічы. У ДТСААФ трапіў пасля таго, як абралі з іншых кіроўцаў у частцы. Цяпер праходжу другое навучанне. Першае было на «С» катэгорыю, зараз на «D». Тут усё падабаецца. Добрая тэхніка, усе КАМАЗы і аўтобусы спраўныя. Зараз даслужу кантракт і потым буду думаць пра далейшыя планы — вайсковая часць або «грамадзянка» вадзіцелем. З усімі катэгорыямі магу пайсці на аўтамабіль з прычэпам ці аўтобус. Тут з 8 раніцы пачынаюцца заняткі, а пасля абеду пераходзім да ваджэння.
Міхаіл Зуёнак праходзіць службу ў 740-м зенітна-ракетным палку.
— Год прабыў на «тэрміноўцы», пасля чаго вырашыў паспрабаваць сябе на кантракце. Так і разлічваў ісці на навучанне ў ДТСААФ. Збіраюся давучвацца на катэгорыю «Е». На службе самае цікавае здараецца, калі ездзіш у новыя месцы, дзе ні разу не бываў. Так атрымалася, што на «грамадзянцы» нікуды не выязджаў — толькі дом і праца. А тут з'явілася магчымасць на Беларусь паглядзець. ДТСААФ сапраўды адкрывае новы шлях. Для тэрміновай службы вялікі плюс — аддаць абавязак Радзіме і атрымаць дадаткова кіроўчую катэгорыю.
— Я — Дзмітрый Каценка з 65-й аўтамабільнай брыгады. Цяпер адправілі навучацца на катэгорыю «Е». Не шкадаваў ні хвіліны, што трапіў у армію. Выкладчыкі расказваюць нам тут пра тое, як самі праходзілі службу, пра герояў вайны і вызваліцеляў Барысава. Дапамагаем ДТСААФу ў банальным рамонце тэхнікі, калі нешта выходзіць са строю. Падабаецца, што навучаемся не на старых аўтамабілях, а на новай тэхніцы — так кіраванне даецца значна прасцей.
Не забываюцца ў Барысаве і пра навучанне радыётэлеграфістаў. Выкладчык групы Андрэй Волкаў прызнаецца, што ваенкамат не кожны прызыў набірае навучэнцаў па гэтай спецыяльнасці, затое тыя, хто вырашыўся на службу сувязістам, праходзяць курс навучання з цікавасцю.
— Нам адводзіцца 192 навучальныя гадзіны для падрыхтоўкі радыётэлеграфістаў. Можа, гэта і малавата, але мы ўсё роўна паспяваем з хлопцаў зрабіць добрых спецыялістаў. Ваенкамат імкнецца падбіраць групы на 10 чалавек. Мы займаемся вывучэннем азбукі Морзэ, затым ідзе нарошчванне хуткасці прыёму на слых. Нагрузка, вядома, вялікая, так што хапае тых, хто не паспявае сумяшчаць змену на працы і чатырохгадзінныя заняткі ўвечар. Хлопцы разумеюць перавагі службы сувязістам. Код Морзэ — міжнародная мова, яе ведаць таксама карысна. Чаму ваенкаматы зацікаўлены ў нашых выхаванцах? Пасля здадзеных нарматываў іх ужо можна садзіць на баявое дзяжурства, бо курс навучання пройдзены, а салдат «з нуля» выпадае мінімум на некалькі месяцаў для праходжання тых жа курсаў.
Адным з галоўных уражанняў ад камандзіроўкі ў барысаўскі ДТСААФ стала знаёмства з вучнем-радыётэлеграфістам Сяргеем Кавалёвым. Ён пачаў навучанне з групай у канцы ліпеня, а праз тры тыдні ўжо ўпэўнена набірае тэкст «марзянкай».
— У ваенкамаце мне падказалі, што можна пайсці вывучыцца радыётэлеграфістам. На навучанні ў першыя дні было цяжка, адразу з'явіліся сумненні, аднак потым хутка ўцягнуўся. Набіраем тэкст на хуткасць на тэлеграфным ключы, усё вельмі цікава. Азбука Морзэ ўнікальная тым, што любы чалавек у свеце можа цябе зразумець, не ведаючы гутарковай мовы, — гэта вельмі цікавы спосаб адпраўкі паведамленняў.
Для намесніка старшыні барысаўскага ДТСААФ Аляксандра Міронава адным з галоўных успамінаў з'яўляецца адрэзак працы ў ліпені 2009 года. Тады да іх у аргструктуру прыехаў старшыня Цэнтральнага савета РОСТА (ДТСААФ Расіі) генерал-палкоўнік Сяргей Маеў.
— Яго дэлегацыя глядзела, як у нас адладжана сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў для Узброеных Сіл, бо ў іх яе зусім не было. Мы далі ім канспекты, параілі, па якіх праграмах рыхтавацца, яны паглядзелі навучальна-матэрыяльную базу. Потым у іх адбывалася пэўная рэарганізацыя. З таго часу мы наладзілі цесныя кантакты. Пастаянна праводзяцца сумесныя мерапрыемствы, напрыклад, аўтапрабегі. Звычайна яны рыхтуюцца да дзяржаўных свят. Ведаю, што нашы беларускія спецыялісты таксама ездзілі ў Расію, вывучалі іх напрацоўкі. У нас з'яўляюцца нейкія агульныя праграмы па сістэме навучання спецыялістаў.
Вучань-радыётэлеграфіст Сяргей Кавалёў.
У Год гістарычнай памяці ДТСААФ Барысава нагадала сваім курсантам і вайскоўцам аб мясцовых героях. Тут з'явіліся стэнды аб вызваліцелях горада падчас Вялікай Айчыннай вайны і тых, хто вызначаўся мірнай працай на Барысаўшчыне. Адзін з памятных куткоў прысвечаны Мікалаю Міхайлавічу Афоніну, які ўдзельнічаў у бітве за Маскву, у Харкаўскай аперацыі 1942 года, Сталінградскай бітве, Беларускай аперацыі, вызваленні Польшчы, баях пад Кёнігсбергам і на тэрыторыі Германіі. Пасля вайны Мікалай Міхайлавіч жыў у Барысаве. Ён часта выступаў перад моладдзю для патрыятычнага выхавання. ДТСААФ падтрымлівае добрыя адносіны з яго сынам, дзякуючы яму інфармацыя пра бацьку працягвае развівацца.
— Да нас нядаўна звярнулася жанчына з расповедам пра свайго бацьку, Васіля Рыгоравіча Крываноса. Яна перадала нам інфармацыю аб ім: ураджэнец Барысава, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай. Але і з нашай структурай ён таксама быў звязаны. Раней у горадзе было некалькі арганізацый школы падрыхтоўкі сувязістаў, аўтамабіляў і іншых спецыяльнасцяў. Ён узначальваў гэтыя арганізацыі. Мы зрабілі запыт у архіў Міністэрства абароны і атрымалі яго паслужны спіс. Гэтыя стэнды аб франтавіках нагадваюць нашым вучням аб сапраўдных героях, тых, з каго трэба браць прыклад.
Барыс Грук і Міхаіл Зуёнак атрымліваюць новыя вадзіцельскія катэгорыі.
Аляксей КАРПУК
Фота Лізаветы ГОЛАД
Источник: https://zviazda.by/be/news/20220819/1660914781-barysauski-dtsaaf-nas-vedayuc-i-bez-reklamy