Этот День Победы порохом пропах…
У гэтых словах горыч слёз і страт, радасць ад сустрэч і дасягненняў, бо ваеннае ліхалецце, якое стала самай трагічнай старонкай у гісторыі нашай краіны, закранула кожную сям’ю, кожнага чалавека. І няхай ад той Вялікай Перамогі нас аддзяляе 74 гады, але штогод ў пачатку мая мы з павагай і асабліва трапяткім пачуццём прыгадваем бессмяротны подзвіг дзедаў і прадзедаў.
У парку мнагалюдна. Уздзенцы нясуць да абеліска жывыя кветкі, школьнікі – гірлянды, працоўныя калектывы ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна – вянкі, аддаючы даніну павагі тым, хто цаной свайго жыцця заваяваў мір і свабоду для нашчадкаў. Пачэснае месца на ўрачыстасці займаюць ветэраны, жывыя сведкі ваеннага ліхалецця, гераізм, мужнасць, стойкасць і адвага якіх застаюцца прыкладам для юнакоў і дзяўчат.
Святочны мітынг адкрыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Савіцкі, павіншаваўшы ўсіх са святам Вялікай Перамогі.
— Мы заўсёды будзем памятаць аб тых ураджэнцах Уздзеншчыны, што загінулі ў барацьбе з фашыстамі. Ганарымся нашымі землякамі, сярод якіх тры Героі Савецкага Саюза, слаўныя камандзіры і палкаводцы, адзін – з герояў-панфілаўцаў. За мужнасць і гераізм тры тысячы жыхароў раёна ўзнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі, — адзначыў Сяргей Канстанцінавіч. — Зямны паклон ветэранам, дзякуючы мужнасці і гераізму якіх мы ведаем цану мірнаму небу. Віншую усіх са святам. Жадаю моцнага здароўя, поспехаў у справах, працоўных дасягненняў, сямейнага шчасця і дабрабыту.
Словы віншавання прысутным адрасаваў і начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Дзяржынскага і Уздзенскага раёнаў Аляксандр Тоўсцік. Удзячнасцю за мір і спакой было прасякнута выступленне вучняў СШ №1 імя А. Пушкіна Максіма Каравацкага, Івана Паддубіцкага і Аляксандры Прашкевіч.
А потым у парку стала ціха. Жанчына-маці са свечкай у руках, гукі метранома, адлічваючы хвіліну маўчання, тры салютныя аўтаматныя чаргі – гэта даніна павагі тым, хто не вярнуўся з вайны, чыё жыццё стала сплавам самаахвярнасці, стойкасці, самааданасці. А потым да ветэранаў з кветкамі ў руках накіраваліся дзеці і дарослыя, каб яшчэ раз падзякаваць за Перамогу.
Далейшыя святочныя гулянні перамясціліся на пляцоўку перад Палацам культуры, дзе ўсіх чакалі салдацкая каша, забавы для дзяцей. Незабыўныя ўражанні пакінулі паказальныя выступленні групы спецыяльнага назначэння вайскавой часці з Фаніпаля. Добры настрой жыхарам і гасцям горада дарылі работнікі культуры, выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў, народны хор ветэранаў “Надзея”. Мерапрыемствы з нагоды свята доўжылася да позняга вечара…
Наталля КЛІМОВІЧ
Фота Сяргея ШАРАЯ