У год, калі рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне “Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь” адзначае сваё 90-годдзе, мы сустрэліся са старшынёй Валожынскай арганізацыйнай структуры Леанідам Міхайлавічам ЕМБУКАМ і паспрабавалі высветліць, чым жыве сёння ДТСААФ.
– Леанід Міхайлавіч, што змянілася ў арганізацыі з савецкіх часоў?
– Да 1991 года яна мела саюзнае значэнне. Пазней у многіх рэспубліках традыцыі аб’яднання, дзейнасць якога накіроўвалася на садзейнічанне ўмацаванню абароназдольнасці, былі згублены. Калі Беларусь стала суверэннай дзяржавай, Вярхоўны Савет рэспублікі прыняў пастанову аб дзейнасці таварыства, дзе рэкамендаваў па-новаму сфармуляваць задачы, функцыі і прынцыпы дзейнасці ва ўмовах незалежнасці. Было прынята рашэнне, згодна з якім ДТСААФ стаў абаронным спартыўна-тэхнічным таварыствам, што прызвана ажыццяўляць падрыхтоўку маладых грамадзян да працы і абароны Айчыны. Па сутнасці наша арганізацыя – правапераемнік ДТСААФ СССР.
– Чым жыве сёння раённая структура?
– Мы атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю 9 студзеня 2015 года. За час работы з’явіліся сем пярвічак ва ўстановах адукацыі горада, а таксама ў Валожынскім райспажыўтаварыстве, ЦБП № 605 ААТ “ААБ Беларусбанк”. Плённа супрацоўнічаем з аддзелам адукацыі, спорту і турызму, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Разам правялі шмат цікавых мерапрыемстваў. Яшчэ ў мінулым годзе з удзелам абласной структуры на плошчы райцэнтра адбыўся Дзень ДТСААФ, падчас якога нам удалося звярнуць на сябе ўвагу моладзі – дэманстравалася вучэбная і спартыўная тэхніка, авіямадэлі, адбыліся паказальныя выступленні спартсменаў, а таксама конкурс па ўменні кіраваць аўтамабілем.
Алімпіяду па веданні Правіл дарожнага руху праводзім штогод. У лютым у камандным першынстве 1-е месца дасталося Гародзькаўскай школе, 2-е – Суднікаўскай і 3-е – Івянецкай. У асабістым заліку ў розных узроставых групах пераможцамі сталі Максім Адамейка (Гародзькі), Ілля Афонін (Доры) і Мікіта Часноўскі (Гародзькі). Паспяхова паўдзельнічалі ў абласным першынстве па кулявой стральбе. Валожыншчыну прадставілі Арцём Галоўскі, Аляксандр Бітэль з гімназіі і выхаванка СШ № 2 Таццяна Ліштван. Дарэчы, наша дзяўчына выканала 3-і дарослы разрад, выбіўшы 131 ачко з 200 магчымых, заняла асабістае 7-е месца і такое ж месца ў складзе каманды. Праведзены адбор на абласны фестываль патрыятычнай песні, які адбудзецца ў снежні.
Мы шмат і плённа працавалі ў летні перыяд – супрацоўнічалі з аздараўленчымі лагерамі, што дзейнічалі на базах школ, а таксама з лагерам “Патрыёт”. Арганізоўвалі заняткі на ўласнай базе, экскурсіі ў музей ДТСААФ і музей авіяцыі ДТСААФ. З мэтай выканання Дзяржаўнай праграмы развіцця аб’яднання створаны тры секцыі па кулявой стральбе (гімназія № 1, СШ № 1 і СШ № 2 г. Валожына). Для іх нармальнай работы закуплены пяць пнеўматычных вінтовак. З удзячнасцю хачу назваць прозвішчы інструктараў, якія шмат сіл аддаюць папулярызацыі таварыства. Гэта Аляксандр Пятровіч Кавяза (гімназія № 1), Уладзіслаў Васільевіч Бараноўскі (СШ № 1), Сяргей Міхайлавіч Шаўлюк (СШ № 2).
Безумоўна, у 2018 наша сумесная дзейнасць са ўсімі партнёрамі працягнецца, спадзяёмся наладзіць больш цесныя стасункі з воінскай часцю. Гэта важна, тым больш, што 2018 год будзе азначаны велічнай юбілейнай датай – Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь споўніцца 100 гадоў.
– У большасці жыхароў раёна сёння абрэвіятура ДТСААФ асацыіруецца з магчымасцю атрымаць правы на кіраванне аўтамабілем…
– Работа аўташколы з кожным годам набірае абароты. Ёсць база, тэхніка, вопыт і, як вынік, пэўныя поспехі. Выпушчана ўжо 11 груп. Ганарымся тым, што асноўная частка курсантаў паспяхова праходзяць выпрабаванні. Здача тэорыі з першага разу – каля 70% і практыка – больш за 50%. А вось практыкаванні на аўтадроме заўсёды здаюць адразу 100% курсантаў. Тут вялікая заслуга выкладчыка Івана Іосіфавіча Маршалка, майстроў вытворчага навучання Аляксандра Мацякубавіча Машарыпава, Івана Іванавіча Трапашкі.
– Што плануеце на перспектыву? Якія спадзяванні звязваеце з надыходзячым годам?
– Яшчэ да канца 2017-га створым пярвічкі ў Ракаве, Івянцы, Пяршаях. Мяркуем павялічыць іх колькасць да пятнаццаці. Спадзяёмся, што добрае пачынанне бягучага года – радыёспартыўны гурток пад кіраўніцтвам Фелікса Францавіча Кавалеўскага – будзе мець паспяховы працяг. Ёсць надзея, што з дапамогай абласной структуры штосьці зрушыцца ў кірунку суднамадэльнага спорту. На 2018 год запланавана адкрыццё такога запатрабаванага гуртка. Не сумняваемся – гэта ацэняць падлеткі. Сёння ў нас нядрэнны вынік за 10 месяцаў па выкананні плана рэалізацыі паслуг – 115%. Адна з задач: дадзены паказчык трымаць на належным узроўні. Галоўнае, каб з намі былі тыя, дзеля каго працуем, – моладзь Валожыншчыны.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ
Фота Настассі Лявінскай