16-06-2021
11-12 чэрвеня прайшоў XX Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2021». Гэты фестываль з’яўляецца значнай падзеяй для краіны. Ён збірае таленавітых людзей, народных і заслужаных выканаўцаў, паэтаў, кампазітараў, дзяржаўныя і нацыянальныя творчыя калектывы. У юбілейны год арганізатары падрыхтавалі займальную і вельмі насычаную праграму, зрабілі ўсё магчымае, каб стварыць добры настрой жыхарам і гасцям Маладзечна.
Дзень першы
Віншавальны адрас удзельнікам музычна-паэтычнага форуму накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Яго зачытаў міністр культуры нашай краіны Анатоль Маркевіч. Вітала гасцей і ўдзельнікаў фестывалю і старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая.
Цэнтральнай падзеяй першага дня фестывалю традыцыйна стаў Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, чыім нязменным кіраўніком выступае Міхаіл Фінберг, кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. Па выніках рэгіянальных і абласных этапаў конкурсу ў рамках фестывалю прайшлі заключны другі і трэці туры. У іх прынялі ўдзел 21 канкурсант з ліку лепшых маладых выканаўцаў з усіх абласцей рэспублікі і Мінска.
Па рашэнні журы Гран-пры фестывалю і прыз Уладзіміра Мулявіна, заснаваны па даручэнні кіраўніка дзяржавы, паехалі ў Віцебскую вобласць. Яго ўладальніцай стала самая юная ўдзельніца Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай песні Ніколь Фургал.
Прэм’ерны канцэрт «Талака», прысвечаны творчасці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і генія беларускай песні Ігара Паліводы, у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі чакаў гасцей і жыхароў горада ў гэты вечар.
— Вельмі важна, што ўсе мы сёння сабраліся разам, каб адсвяткаваць дваццаты юбілейны фестываль песні і паэзіі, — сказаў у інтэрв’ю журналістам міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч. — Мы бачым, з якім настроем прыехалі ў Маладзечна людзі: усе ўсміхаюцца, радуюцца, абменьваюцца вопытам. Значыць, правільна зрабілі, што сабраліся разам, каб у чарговы раз падкрэсліць значнасць нашай культуры, гісторыі, спадчыны, на якіх будуецца аснова дзяржавы.
Падчас візіту ў горад міністр культуры наведаў дзясяткі мерапрыемстваў, але больш за ўсё яго ўразіў «Творчы квартал Маладзечна», што разгарнуўся на вуліцы Прытыцкага.
Капыльшчына была прадстаўлена не толькі дэлегацыяй нашых землякоў, якія сталі гледачамі насычанай святочнай праграмы. Капыльскія майстры таксама прымалі актыўны ўдзел у «Горадзе майстроў». Ён прыцягваў увагу маладзечанцаў і прыезджых. На выставе «Традыцыі зямлі капыльскай» былі прадстаўлены ўстановы культуры нашага раёна, дзейнасць якіх высока ацаніў міністр культуры Анатоль Маркевіч.
Дзень другі
12 чэрвеня прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, маладзёжных і ветэранскіх арганізацый, аграпрамысловага комплексу і раённага спажывецкага таварыства Капыльшчыны наведалі Маладзечна, дзе ў летнім Амфітэатры прайшоў канцэрт-закрыццё ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2021».
Многа станоўчых эмоцый атрымалі ад прагляду юбілейнай канцэртнай праграмы «Мала-дзечна — насустрач шлягерам» з удзелам зорак беларускай эстрады і пераможцаў конкурсаў маладых выканаўцаў розных гадоў. Свае апладысменты нашы землякі дарылі заслужаным артыстам Беларусі Алене Ланской, Вікторыі Алешка, Аляксандру Саладуху, Жанет, ансамблям «Песняры», «Верасы» і іншым.
Акрамя таго госці з Капыля прынялі ўдзел у рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Сімвалы маёй краіны».
Валянціна МІХАЙЛОЎСКАЯ, супрацоўнік ТЦСАН:
— ХХ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі назвала б мерапрыемствам рознапланавым, цікавым, творчым, захапляльным. Конкурсы, канцэрты, сустрэчы з цікавымі людзьмі праходзяць у гэтыя дні практычна ва ўсіх установах культуры. На вуліцах шмат дзяцей, моладзі, людзей пажылых. Гледачы тут таксама асаблівыя, так бы мовіць, музычна адукаваныя. Як ніяк — што ні год, то фестываль, і кожны па-свойму адметны. Вельмі ўдзячна адміністрацыі і прафкаму нашай установы за прапанаваную паездку.
Ларыса ЛІННІК, настаўніца СШ № 2 г. Капыля:
— Перад пачаткам канцэрта на пляцоўцы «Горад майстроў» з калегамі наведалі экспазіцыю дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, прасачылі за гісторыяй фестываля праз карціны арт-праекта «Фестывальны шлях», набылі тавары народнага спажывання на выставе-продажы «Беларускі пачастунак» і інш. Навокал панавала атмасфера добразычлівасці, павагі, даверу і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Радавала тое, што было вельмі многа маладых сем’яў з дзеткамі, а ў руках — дзяржаўная сімволіка. Адразу адчула гонар за сваю краіну.
Сяргей КОЗЕЛ
Барыс ДЗЕНІСЮК, член ГА «Беларускі саюз журналістаў»