Официальный сайт Организационной структуры
города Минска и Минской области

ДОСААФ
"ДОБРОВОЛЬНОЕ ОБЩЕСТВО СОДЕЙСТВИЯ АРМИИ,
АВИАЦИИ И ФЛОТУ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ"
+375(17) 207-37-58
oblminsk_dosaaf@tut.by

Главная - Патриотическое воспитание и спорт

20-05-2019

Вось ужо колькі гадоў запар адным з традыцыйных майскіх мерапрыемстваў застаецца аўтапрабег па месцах баявой славы, прычым не толькі на тэрыторыі нашага раёна. Не стаў выключэннем і сёлетні год, 74-ы, як скончылася Вялікая Айчынная вайна.
 
 
Асабіста для мяне гэты аўтапрабег – восьмы, аднак кожны, у якім давялося паўдзельнічаць, меў і мае свае адметнасці. І не таму, што з кожным годам колькасць удзельнікаў павялічваецца, асабліва за кошт байкераў, моладзі і сем’яў, якія далучаюцца да калоны на асабістых машынах. І не таму, што адным маршрутам у некалькі дзясяткаў кіламетраў праходзяць прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў і людзі розных узростаў. І не таму, што праграмай аўтапрабегу прадугледжаны мітынгі, экскурсіі, салдацкая каша, забавы для юнакоў і дзяўчат. Усіх нас, хто становіцца ў майскі картэж, прышпільвае да адзення чырвона-зялёныя стужкі з кветкай яблыні ці георгіеўскія стужкі (удзельнікамі аўтапрабегу зачастую становяцца і жыхары Расіі, якія прыязджаюць да родзічаў у нашы мясціны. – Аўт.), бярэ з сабою ў дарогу кветкі, аб’ядноўвае памяць аб тых, дзякуючы каму мы жывём сёння, – салдатах Вялікай Перамогі, здабытай у маі 45-га года.
 
     
 
Вось і словы намесніка старшыні райвыканкама Анжэлы Федчанка, сказаныя ў гарадскім парку за некалькі хвілін да адпраўлення, рэфрэнам адбіліся ў сэрцах кожнага: “Ніхто не забыты…”.
Сапраўды, Дзень Перамогі заўсёды быў і застаецца для нас святам, захаваць якое і перадаць нашчадкам – наша галоўная задача. Мяркую, ніхто не стане аспрэчваць факт, што ні адно пакаленне не зрабіла для Айчыны больш, чым тыя, хто загінуў на палях бітвы, быў закатаваны ў канцэнтрацыйных лагерах і засценках гета, хто да апошняй кроплі крыві адстойваў свабоду і незалежнасць роднай краіны. Вось і сёлетні аўтапрабег, арганізатарамі якога выступілі раённы выканаўчы камітэт, Уздзенские раённыя арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” і ДТСААФ, быў прысвечаны памяці землякоў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і прайшоў па тэрыторыі трох раёнаў – Уздзенскага, Слуцкага і Капыльскага.
 
     
 
Старт яму быў дадзены каля помніка “Вызваленне”. Пасля чаго калона ў суправаджэнні аўтамабіля Дзяржаўтаінспекцыі, байкераў і рарытэтных аўто рушыла ў шлях.
Дарога… Адна за другой у галаве змяняліся думкі. Так, многае змянілася за больш як семдзесят гадоў: адрадзіліся з руінаў гарады і вёскі, з новай магутнасцю запрацавалі прадпрыемствы. Залячыла свае раны і прырода. Аднак памяць пра тых, хто цаной сваіх жыццяў падарыў нам Перамогу, жыве... У помніках, абелісках… Каля іх і спыняліся…
Вёска Лоша. На брацкай магіле, дзе пахаваны 60 ваеннаслужачых 649-га мотастралковага палка 210-й дывізіі, якія загінулі ў чэрвені 1941 года, устаноўлены помнік. Поўным болю і смутку за салдат, іх маці і жонак было выступленне ветэрана педагагічнай працы Галіны Васільковай. Для такога дасведчанага краязнаўцы гісторыя гэтага населенага пункта – асабліва важная, бо не пералічыць колькасць загадак, якія хавае ў сабе Лоша. Шмат давялося зведаць месцічам, сярод якіх было шмат яўрэяў, у гады вайны, ды і жорсткімі баямі ў ваколіцах гэта месца “абдзелена не было”…
 
 
Далей – помнік воінам, што загінулі ў гады вайны, каля вёскі Заполле Слуцкага раёна. Сустрэча з афіцэрамі Случчыны акурат ля дарогі Р23 “Мінск-Мікашэвічы” і сумеснае ўскладанне кветак да абеліска.
Масавым стаў мітынг з удзелам ваеннага аркестра на вуліцы 14 партызан у Слуцку. Тут пахавана 14 тысяч чалавек, сярод якіх салдаты Чырвонай Арміі, партызаны, мірныя жыхары і ваеннапалонныя канцлагера. Запомнілася і прагулка па Алеі Герояў, на якой устаноўлены памятныя дошкі ў гонар 5 Герояў Савецкага Саюза і 12 Герояў Сацыялістычнай Працы.
 
     
 
Паўтарагадзінны прыпынак быў зроблены ў аграгарадку Казловічы. Тут нашай увазе была прадстаўлена аўтамабільная тэхніка, міні-музей ваеннага ўзбраення і амуніцыі. Можна было папрактыкавацца ў зборцы-разборцы аўтамата, пабываць на экскурсіі ў школьным музеі. Дырэктар школы Мая Сяргеева паведаміла, што гісторыка-этнаграфічны музей быў заснаваны 29 чэрвеня 1985 года, яго асноўны профіль – краязнаўчы. Музей складаецца з трох залаў, у якіх расказваецца пра быт і культуру краю, гісторыю калгаса імя Кірава і Вялікую Айчынную вайну. Адным з галоўных экспанатаў музея з’яўляецца бюст Героя Савецкага Саюза Георгія Канстанцінавіча Жукава.
Час, праведзены ў музеі, дзе хацелася дакрануцца да гісторыі, бо вочы разбягаліся ад убачанага, праляцеў імгненна. Аднак у памяці і цяпер вышытыя работы мясцовых старажылаў, макет ветранога млына і былыя сялянскія прылады: жорны, веялкі, прылады для стрыжкі авечак і многае іншае.
 
 
Пара рухацца далей. Вёска Старыца Капыльскага раёна. Наша ўвага скіравана на 122-міліметровую гаубіцу. Як паведаміў актывіст Капыльскай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Барыс Дзенісюк, яна ўстаноўлена ў 1975 годзе ў памяць аб баях 3-4 ліпеня 1941 года, калі загінулі 180 байцоў, а батарэі 287-га артпалка пад камандаваннем І. Усцінава пашчасціла вырвацца.
І вось курс зноў на Уздзеншчыну. Вёска Хароміцкія, месца, дзе загінуў Марат Казей. Прывітаць удзельнікаў аўтапрабегу прыйшлі мясцовыя жыхары, старшыня Слабадскога сельвыканкама Таццяна Пракацень і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Фролавіч Звярынскі. Некалькі слоў пра гераічны подзвіг юнага піянера, пасля да помніка былі ўскладзены кветкі. Не адзін букет атрымаў і наш Фролавіч. Салдаты-пагранічнікі не абмінулі магчымасць сфатаграфавацца з ветэранам на памяць, а Уладзімір Звярынскі даў ім такі наказ: “Годна служыце, сынкі, Айчыне! Яна ў нас адна!”
Мінутай маўчання была ўшанавана таксамам памяць загінулых на яўрэйскіх могілках у райцэнтры. Апошнім пунктам стаў памятны знак, устаноўлены па ініцыятыве воінаў-інтэрнацыяналістаў у гонар 30-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана.
Так, салдаты Вялікай Айчыннай вайны перадаюць салдатам-афганцам патрыятычную эстафету па захаванні памяці загінулых герояў і выхаванні любові да радзімы ў падрастаючага пакалення.
 
 
…Аўтапрабег завершаны. У памяці кожнага яго ўдзельніка пачутыя словы, што выклікалі слёзы і хваляванне, ускладзеныя да помнікаў кветкі, якія служаць жывым сімвалам памяці і ўдзячнасці тым, хто падарыў нам жыццё і светлае будучае.
І яшчэ – як жа без уражанняў. А яны такія.
Аляксандр:
– Удзельнічаю ў такім мерапрыемстве не першы год. І сёлета ўсё было на ўзроўні. Хвалююча наведаць тыя месцы, дзе пахаваны беларускія салдаты, дзякуючы якім сёння над нашай галавой мірнае неба. Мне і хлопцам спадабалася. Дзякуй арганізатарам!
Марыя:
– З асаблівым пачуццём глядзела на дзяцей, прычым сёлета гэта былі не толькі хлопчыкі, якія ў форме неслі ганаровую вахту каля помнікаў. Для іх гэта была такая адказнасць. Малайцы, іх нават дождж не напалохаў. Вось яна – загартоўка характару. Сіла такіх акцый – у тым, што ў час іх правядзення не толькі едзеш на машыне, але і даведваешся шмат карыснага, павучальнага, таго, што кранае за сэрца.

Наши партнеры: